Газ і нафта – ці ёсць альтэрнатыва для Беларусі?

20 февраля 2009 - Odin

«Нефть – не топливо. Топить можно и ассигнациями»

 
Д.І.Мендзялееў

Пра праблему энерганосьбітаў і энергетычную незалежнасць краіны сёння гаворыць амаль кожны. І з большага гэтыя размовы зводзяцца да пошуку іншых крыніц пастаўкі, абмеркавання нейкіх “адэкватных мер” – эканамічных і палітычных – у дачыненні Расеі, змены знешнепалітычных прыярытэтаў. Іншымі словамі, усё круціцца вакол імкнення забяспечыць сябе тымі ж самымі нафтаю і газам, але па больш прывабнай цане, ці спробы неяк кампенсаваць страты ад падвышэння кошту энерганосьбітаў. Але паспрабуем зірнуць на рэчы больш шырока. Ці ёсць для нашай краіны альтэрнатыва нафтагазавай “наркаманіі”?

Рэсурсы нафты і газу не бясконцыя. Па некаторых ацэнках, сусветны запас нафты будзе вычарпаны за 40-50 год – і гэта з папраўкаю на разведку новых скважын. Па газе прагноз крыху больш аптымістычны, але факт застаецца фактам: і нафта, і газ – рэсурсы, якія рана ці позна скончацца. Асабліва з улікам індустрыялізаціі краін “трэцяга свету”, якая ужо хутка набірае абароты. І калі спажыванне нафтагазавай сыравіны ў Індыі ці Кітаі, не кажучы ўжо пра астатні свет, дасягне узроўню краін Захаду – рэсурсаў можа не хапіць нават на 40 год.
 
Ёсць і іншая праблема, бадай, не менш вострая. Спаленне выкапневых вуглевадародаў –газу і нафтапрадуктаў – вядзе да павялічэння колькасці вуглякіслага газу ў атмасферы, і, як вынік, да “парніковага эфекту” і глабальнага пацяплення. Наступствы гэтага працэсу для Зямлі і ўсіх яе жыхароў могуць быць катастрафічныя. Яшчэ ў 1997 годзе быў падпісаны Кіотскі пратакол, які накладае сур’ёзныя абмежаванні на выкід “парніковых” газаў (у прыватнасці, вуглякіслага газу і метану) у атмасферу. Яго ратыфікавала 161 краіна – ў тым ліку і Рэспубліка Беларусь. І санкцыі з боку міжнароднай супольнасці ў выпадку парушэння прынятых на сябе абавязкаў – а Беларусь пагадзілася не перавышаць узровень выкідаў 1990 года – не прымусяць сабе доўга чакаць.
 
Але ці ёсць у нас выбар? Ці ёсць магчымасць калі не зусім адмовіцца ад нафтагазавай “іглы”, дык хаця б істотна скараціць патрэбу ў імпарце гэтых рэсурсаў? Чым замяніць “блакітнае паліва” ды “чорнае золата”? Паспрабуем разабрацца.

Аднаўляльныя энергарэсурсы – энергія сонечнага святла, вады, ветру, прыліваў, геатэрмальная (цяпло глыбінных слаёў Зямлі), біяпаліва і іншыя – прыцягваюць увагу і прамыслова развітых краін, і “трэцяга свету” ужо не першы год. Іх параўнальная экалагічная бяспечнасць і незалежнасць ад выкапневага паліва робяць іх вельмі прывабнай альтэрнатываю традыцыйным энерганосьбітам.

“Якія яшчэ ветры-сонцы?” – могуць запярэчыць скептыкі. – “Беларусь вам не Сахара”. Што праўда – то праўда. Не Сахара. І сонечныя батарэі ды ветракі наўрад ці зробяцца ў бліжэйшыя гады сур’ёзнай крыніцай дадатковай энергіі для нашай краіны. Але ж ёсць і куды больш прымальныя варыянты, у прыватнасці, розныя віды біяпаліва...
 
Біядызель – дызельнае паліва, якое можа вырабляцца з расліннага алею ці жывёльнага тлушчу. Акрамя алею, сыравінаю ў яго вытворчасці служаць метанол (метылавы спірт), а пабочным прадуктам з’яўляецца гліцэрына, якая ўжываецца ў харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці, касметыцы і г.д. Што да самога алею, дык яго крыніцамі могуць быць адходы тлушчу з прадпрыемстваў грамадскага харчавання ці алейныя расліны, такія як сланечнік, соя, рапс ці какосавая пальма. Найбольш перспектыўным накірункам лічыцца вытворчасць біядызелю з мікраводарасляў, паколькі яны даюць максімальны выхад алею і значна пераўзыходзяць астатнія расліны па эканамічнай эфектыўнасці. Але з гэтай культураю зв’язаны шэраг не да канца вырашаных тэхнічных праблем, таму на сённяшні момант у развітых краінах Еўропы для перапрацоўкі ў біядызельнае паліва найчасцей ужываецца рапс. Яго вытворчасць складае 75% ад усіх алейных культур Еўропы, і палова яго ўжываецца менавіта для вырабу біядызелю.
 
Варта адзначыць, што значная колькасць біядызелю вырабляецца у індывідуальных фермерскіх гаспадарках дзеля ўласнага спажывання. Гэта часта аказваецца больш эканамічна выгадным, чым буйнатанажная “цэнтралізаваная” вытворчасць паліва і яго дастаўка ў рэгіёны, дзякуючы адсутнасці транспартных выдаткаў. Такім чынам, біядызель у вялікай ступені з’яўляецца “лакальным”, мясцовым энергарэсурсам, які, дарэчы, прымяняецца не толькі як маторнае паліва, але і для абагрэву дамоў, асабліва ў Злучаных Штатах, дзе спажыўцам прапануецца неблагі выбар абсталявання для індывідуальнай вытворчасці паліва з алею ў хатніх умовах.
 
Галоўны фактар, які стрымлівае пашырэнне вырабу гэтага віду паліва ў еўрапейскіх краінах, ды й у Беларусі – недахоп ворнай зямлі для вырошчвання рапсу. Кожны гектар, засеяны “паліўным” рапсам – гэта страта зямлі, патэнцыяльна прыдатнай для харчовых культур. Аднак ў Беларусі ёсць землі, на якіх нармальная сельскагаспадарчая вытворчасць у любым выпадку немагчымая. Размова, канешне ж, пра “чарнобыльскія” тэрыторыі. Калі зямлю ў забруджанай зоне засеяць рапсам, дык радыёнукліды (у прыватнасці, цэзій-137 ды стронцый-90) не пяройдуць у алей, а застануцца ў жмыху. А значыць, і вырабленае паліва не павінна быць радыёактыўным.
 
У Беларусі ўкараненнем тэхналогіі вытворчасці паліва з рапсавага алею займаецца НДІ фізіка-хімічных праблем, па распрацоўках якога ў Новаельнянскім раёне створана першая вопытная вытворчасць біядызелю. Але у маштабах краіны гэта вельмі мала.
 
Паліўныя гранулы, або пелеты вырабляюцца з адходаў лясной прамысловасці (апілак, шчэпы, кары) ды сельскай гаспадаркі (салома, сланечнікавая лузга і г.д.). Па цеплатворнай здольнасці яны амаль ў два разы эфектыўнейшыя за дровы, хаця і саступаюць у гэтым такім відам паліва, як мазут ці прыродны газ. Вытворчасць пелет развіваецца ў свеце вельмі хутка, і на першых месцах знаходзяцца Злучаныя Штаты і Канада. Толькі ў ЗША існуе больш за 60 кампаній – вытворцаў гэтага паліва. Не адстаюць і еўрапейскія краіны. Напрыклад, у Фінляндзіі ў 2005 годзе толькі ў хатнім сектары на ацяпленне было ўжыта 70 000 тон паліўных гранул. Сур’ёзную ўвагу гэтаму віду паліва ўдзяляюць таксама Расея – нават пры яе прыродных энергарэсурсах! – і Кітай. Так, у Расеі вытворчасць пелет ужо сёння складае каля 150 000 тон у год, а Кітай плануе давесці іх выраб у 2020 годзе да 50 мільёнаў тон!
 
Варта адзначыць, што пелеты прымяняюцца як паліва не толькі у індывідуальных дамах, але і ў кацельных, для цэнтралізаванага ацяплення. Гэта звычайная практыка ў Еўропе, а апошнім часам набывае папулярнасць і ў Расеі. У 2006 годзе там нават быў выданы даведнік, прысвечаны ужыванню біяпаліва для кацельных. Развіваецца гэты накірунак і ў Украіне. Апошнім часам прадстаўніцтва латвійскай кампаніі Grandeg, якая вырабляе кацельнае абсталяванне для спалення пелет, з’явілася ў Беларусі. На жаль, Беларусь дагэтуль не мае ўласнай вытворчасці паліўных гранул, і таму спажыўцы вымушаны арыентавацца на расейскую прадукцыю, а значыць, ні пра якую энерганезалежнасць размова пакуль што ісці не можа.
 

Біягаз – на думку аўтара, адзін з найбольш перспектыўных энерганосьбітаў для Беларусі. Гэты газ утрымлівае 55-75% метану, асноўнага кампанента прыроднага газу, і можа вырабляцца практычна з любых арганічных адходаў шляхам біяхімічнага працэсу – анаэробнага браджэння. У першую чаргу сыравінаю для біягазу могуць служыць адходы расліннай сельскагаспадарчай прадукцыі, птушыны памёт, а таксама навоз буйной рагатай жывёлы і свіней. Сцёкавыя воды, багатыя арганікай, – у прыватнасці, малочнай прамысловасці і іншых харчовых прадпрыемстваў, – таксама можна перапрацаваць ў біягаз, але гэты працэс менш эканамічна выгадны, хаця і дазваляе часткова ці цалкам акупіць кошт ачысных збудаванняў.

 
Энергетычная каштоунасць біягазу складае ў сярэднім 60% ад прыроднага газу. Акрамя таго, у некаторых краінах яго дадаткова ачышчаюць і ўжываюць нароўні з прыродным. Біягаз можа выкарыстоўвацца як маторнае паліва, але найбольш рацыянальным метадам яго выкарыстання лічыцца спаленне на месцы вытворчасці ў мэтах ацяплення. Гэта выключае энергавыдаткі на транспартыроўку і таму больш эканамічна. Варта адзначыць, што, па дадзеных Мінэнерга РБ, гэтыя выдаткі і для цепла-, і для электраэнергіі складаюць каля 10% ад яе агульнай колькасці.

Шмат якія краіны свету шырока выкарыстоўваюць біягаз як энергарэсурс. Так, у Даніі яго доля складае да 18% ад агульнага энергабалансу краіны! Асабліва шырока ўжываецца ён у мэтах энергазабеспячэння сельскай гаспадаркі. У краінах Еўропы не менш за палову птушкаферм ацяпляецца біягазам. У Індыі, Кітаі і іншых краінах Азіі вельмі распаўсюджаны малыя біягазавыя ўстаноўкі на адну сям’ю, з дапамогаю якіх забяспечваецца “мікраэнерганезалежнасць” сялянскай гаспадаркі.
 
У Беларусі галоўнаю крыніцаю сыравіны для біягазу з’яўляюцца, канешне ж, малочныя фермы, свінафермы і птушкафабрыкі. Разлікі паказваюць, што, напрыклад, толькі з таго пагалоўя буйной рагатай жывёлы, якое зараз утрымліваецца на фермах Беларусі, можна атрымаць да 1.5–2 мільярдаў кубаметраў біягазу ў год, што складае у энергетычным эквіваленце да 4-5% ад сукупнага імпарту расейскага газу. Лічба як быццам бы і невялікая, але трэба браць у разлік, што большая частка гэтага газу будзе выкарыстана непасрэдна на месцы, а гэта значыць, эканоміць можна будзе таксама і на яго транспартыроўцы. Да таго ж, адходы біягазавай вытворчасці могуць выкарыстоўвацца як арганічнае ўгнаенне з высокім утрыманнем азоту, больш якаснае і канцэнтраванае, чым навоз і птушыны памёт. Нарэшце, не трэба забывацца і пра тое, што перапрацоўка арганічных адходаў у біягаз вырашае праблему іх утылізацыі і зніжае напружанасць экалагічнай сітуацыі.
 
Трэба адзначыць, што урадавыя структуры Беларусі пачалі праяўляць зацікаўленасць альтэрнатыўнай энергетыкай, у прыватнасці, біяпалівам. Так, ужо не першы год у рамках Праграмы развіцця ААН у Беларусі дзейнічае праект BYE/03/G31 "Применение биомассы для отопления и горячего водоснабжения в Республике Беларусь". Гэты праект, аднак, засяроджаны галоўным чынам на утылізацыі адходаў лясной прамысловасці, іншыя ж накірункі альтэрнатыўнага энергазабеспячэння застаюцца без увагі. Ды й вынікі яго рэалізацыі, на думку аўтара, вельмі сціплыя нават у маштабах краіны.
 
Вырашэнне энергетычнай праблемы і пошук аднаўляльных крыніц энергіі – гэта не чарговы зігзаг моды, а настойлівае патрабаванне часу. І аднымі пастановамі, дэкрэтамі і загадамі гэты крызіс не пераадолець. Патрэбна комплексная, усебаковая дзяржаўная праграма, якая б уключала ў сябе заканадаўчае забеспячэнне, моцную фінансавую і інфармацыйную падтрымку адпаведных навукова-тэхнічных распрацовак, прапаганду і фінансаванне альтэрнатыўнай энергетыкі як на агульнадзяржаўным, так і на мясцовым узроўні, а галоўнае – стымуляванне ініцыятывы “знізу” і грамадскай актыўнасці ў гэтым накірунку. А ўсе мы павінны зразумець, што гэта не проста “дзяржаўнае пытанне”, а пытанне бяспекі і дабрабыту для кожнага грамадзяніна нашай краіны, і таму заставацца да яго абыякавым немагчыма нікому.

Похожие статьи:

НаукаАтомный карандаш. Он же ластик

Вопросы этногенезаРоссийский народ и национальная самоидентичность

Вопросы этногенезаПроблемы евроамериканской цивилизации

Вопросы этногенезаГеометрические абстракции и человеческая мера

Вопросы этногенезаК вопросу об этнической истории белорусов

Теги: наука
Рейтинг: 0 Голосов: 0 792 просмотра
Комментарии (0)
Добавить комментарий